КРЫШТАЛІ́ЧНЫЯ СЛА́НЦЫ,

рэгіянальна метамарфізаваныя поўнакрышт. горныя пароды рознага мінералагічнага саставу, з арыентаваным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Колер пераважна шэры. Структура зярністая. Тэкстура палосчатая. Адрозніваюць орта- і парасланцы, якія адпаведна ўтвораны з магматычных і асадкавых парод. У залежнасці ад мінер. саставу вылучаюць К.с. кварцзмяшчальныя (слюдзяныя, гранат-біятытавыя, андалузіт-біятытавыя, кардыерыт-біятытавыя і інш.) і бяскварцавыя (дыяпсід-скапалітавыя, дыяпсід-плагіяклазавыя, дыяпсід-карбанатныя і інш.). К.с. высокагліназёмістыя (кіянітавыя, сіліманітавыя і інш.) выкарыстоўваюцца як вогнетрывалая сыравіна і руда на алюміній. На Беларусі К.с. пашыраны сярод дакембрыйскіх парод крышт. фундаменту.

У.Я.Бардон.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)